Амбiвалентныя нацыянальныя мовы
27 августа 2013
Даведкi: тут.
Уваход: вольны.
27 жніўня Лятучы ўніверсітэт запрашае на публічную лекцыю вядомага славіста, прафесара Брандайскага ўніверсітэта (ЗША) Курта Вулхайзера. На матэрыяле шматгадовых даследаванняў, вынікаў сацыялагічных апытанняў лектар прапануе разгледзець шэраг сацыялінгвістычных паралеляў паміж беларускай і шатландскай мовамі, пачынаючы ад іх гістарычнага развіцця да агульных тэндэнцый у сучаснасці. Лекцыя уключае ў сябе тры асноўныя часткі:
- агляд гістарычнага развіцця пісьмовых адміністрацыйных і літаратурных моваў у дасучасных шматмоўных дзяржавах – Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Шатландыі, з іх наступнай функцыянальнай дыялектызацыяй у стасунку да дамінуючых блізка-роднасных моваў, польскай ды расейскай у выпадку беларусаў і ангельскай у выпадку шатландцаў (як і спадарожнымі ідэалагічна зараджанымі дэбатамі наконт іх статусу як незалежных моваў). Вызначэнне пэўных агульных рысаў у дачыненні да функцыяў і сацыяльных ацэнак стылістычнага мноства размоўных варыянтаў, якія паўсталі ў выніку лінгвістычнага збліжэння.
- аналіз пэўных агульных тэндэнцыяў у развіцці сучаснай пісьмовай беларускай і шатладскай мовы. У прыватнасці, іх выбітнай ролі ў літаратурным ды культурным жыцці разам з пераважна сымвалічным альбо фармальным выкарыстаннем у грамадскай сферы. Вызначэнне праблемаў у развіцці адзіных пісьмовых стандартаў, а таксама пэўных падабенстваў адносна неадназначнай, амбівалентнай ролі беларускай і шатландскай моваў як маркераў нацыянальнай тоеснасці
- пазначэнне пэўных паралеляў ў выніках нядаўніх нацыянальных даследаванняў па выкарыстанні моваў, адносінах да мовы і перавагах моўнай палітыкі, уключна з даследаваннем, праведзеным у 2010 годзе ўрадам Шатландыі “Грамадскае стаўленне да шатландскай мовы”, і вынікамі перапісу насельніцтва Шатландыі з 2011 года, гэтаксама як даследаваннямі, праведзенымі на Беларусі ў 2009, 2010 і 2012 гадах даследчымі агенцтвамі НОВАК ды НІСЭПД.
На думку амерыканскага славіста, такі аналіз падабенстваў і розніцаў ў сучасным становішчы беларускай і шатландскай моваў прыводзіць да цікавых высноваў, якія маглі б быць карыснымі для прыхільнікаў беларускай мовы і іх шатландскіх партнёраў пры распрацоўцы на будучыню эфектыўных стратэгіяў моўнага менеджменту.