16 красавіка стартуе ўжо Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! З 20 красавіка да 1 чэрвеня будзе адкрыты прыём працаў ад удзельнікаў Фестывалю, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 2 ліпеня у Мінску. Як заўсёды, удзел у Фестывалі бясплатны.
Кожны год Фестываль прадукуе новую ідэю, звяртае ўвагу грамадскасці на розныя актуальныя пытанні камунікацыі і рэкламы. Асноўная канцэпцыя сёлетняга Шостага AD.NAK! — “Годны шлях рэкламіста”.
На думку каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніны Шыдлоўскай, Фестываль ужо прайшоў пэўны шлях і стаў актуальнай з’явай беларускага жыцця, таму надышоў час звярнуць увагу на асобу стваральніка рэкламы. “Рэкламны і – шырэй – культурніцкі прадукт робяць канкрэтныя людзі. Ад іх майстэрства, каштоўнасцяў і светапогляду залежыць шмат. Таму ў цэнтры ўвагі сёлетняга Фестывалю – асоба самога стваральніка. Кожны рэкламіст праходзіць свой індывідуальны шлях да поспеху, да ўнікальнай ідэі. Спачатку – пошукі і сумневы, потым – канцэпцыя і ў выніку – вось ён, працоўны варыянт. Такі шлях праходзіць цяпер і нашая рэклама: ад нясмелых спробаў, сумневаў, ці варта рэкламавацца па-беларуску, да таго самага моманту, калі ты не баішся на поўны голас заявіць пра сябе як пра стваральніка беларускай рэкламы”.
Шосты феcтываль AD.NAK! запрашае рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў аб’яднаць свае намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!
Генеральным партнёрам Фестывалю другі год запар выступіла кампанія velcom. Дзякуючы такой падтрымцы Фестываль, як заўсёды, пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні, а пераможцы атрымаюць адметныя ўзнагароды.
Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Шостага фестывалю AD.NAK! пачынаецца 16 красавіка. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 1 чэрвеня. А фінальная частка Фестывалю – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай – пройдзе 2 ліпеня ў Мінску.
Як адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік рэсурса marketing.by і пастаянны партнёр кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў правядзенні фестывалю, “мы штогод сочым за актуальнымі тэндэнцыямі і сусветнымі трэндамі рэкламнай і камунікацыйнай галіны. Улічваючы іх, мы дапоўнілі і абнавілі намінацыі і конкурсы, а новы сайт Фестывалю сёлета дазваляе канкурсантам максімальна зручна аформіць і падаць работу. Асноўны акцэнт пры падачы работ на сайце зроблены на якасць іх афармлення. Удзельнікам прапанаваныя стандарты і ўзоры падачы. Спадзяемся, што сёлетняе новаўвядзенне дазволіць удзельнікам карэктна данесці ідэі сваіх праектаў, а сябрам журы – аб'ектыўна ацаніць працы канкурсантаў”.
Падчас традыцыйнай (як і штогод, адметнай) адукацыйнай праграмы арганізатары Шостага AD.NAK! вырашылі трымацца сусветных тэндэнцый і выйсці за межы рэкламнай галіны. У гэтым годзе акрамя рэкламістаў спікерамі на адукацыйнай праграме будуць вядомыя літаратары, творцы і фатографы з Беларусі, Францыі і Літвы. Разам з удзельнікамі яны паразважаюць пра свет вакол нас, у якім мы ўсе разам мусім ствараць і ісці сваім годным шляхам.
Удзел у адукацыйнай праграме БЯСПЛАТНЫ, але для таго, каб да яе далучыцца, трэба абавязкова прайсці рэгістрацыю на сайце ў раздзеле: “Адукацыйная праграма”.
9.30-10.30
Дар’я Лобань, Аляксей Шклянко, партнёры студыі брэндынгу On Foot,
Тэма: "Драпежнікі рэкламнага рынку: як палююць на замежных кліентаў". Бонус: скайп-размова з заснавальнікам кампаніі Daybuilder Філіпам Люінтофтам (Капенгаген, Данія).
10.30-11.30
Iлля Доўнар – арт-дырэктар, Яўген Голубеў – тэхнічны дырэктар, Interactive brand studio HA (Беларусь),
Тэма: Добрыя рашэнні не заўсёды працуюць.
11.30-12.30
Paulius Senuta (Літва), Chairman, Strategic Planning Director at Not Perfect | Y&R Minsk, Riga & Vilnius
Тэма: Planning with value
12.30-13.30
Маладыя беларускія "Канскія львы" завітаюць на AD.NAK!
Тэма: Уражанні і досвед Cannes Lions 2015
13.30-14.30
Людміла Стручэўская, кіраўнік групы па кіраванні брэндамі ТАА "Аліварыя"
Тэма: “Як улічыць сучасныя і працоўныя камунікацыйныя трэнды пры планаванні іміджавай кампаніі ў Беларусі”.
14.30-15.30
Віктар Марціновіч, вядомы беларускі пісьменнік і журналіст
Тэма бяседы: “Беларускі бізнес і культура: як пераадолець узаемны ігнор”.
15.30-17.00
Ілля Андрэеў, кіраўнік творчай групы агенцтва Proximity Russia (Беларусь-Расія)
Тэма: “100 ідэй для Беларусі. Дзе іх узяць?”
Адразу пасля семінараў адбудзецца прэс-канферэнцыя арганізатараў і сябраў журы Фестывалю. А 18-й гадзіне пачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Фота: galleryhip.com