У гэтым годзе дзявяты фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада пад слоганам «Увага адлегласць». Тэма складанасцей, звязаных са знаходжаннем на адлегласці, знайшла адлюстраванне ў канцэпцыі «Ззяння-2023»: слогане, візуале, маніфесце і трэйлеры.
«Увага адлегласць» – так гучыць слоган «Ззяння-2023». Згодна з задумай, слоган нагадвае, што на адлегласці трэба не забываць адзін аднаго і быць уважлівымі да сваіх блізкіх людзей. Адсутнасць знакаў прыпынку паміж словамі «ўвага» і «адлегласць» зусім не выпадковасць. Гэта дае магчымасць счытваць і інтэрпрэтаваць гэта так, як кожнаму і кожнай будзе заўгодна.
Праз слоган, маніфест, трэйлер і візуал «Паўночнае ззянне» імкнецца адлюстраваць рэчаіснасць і адрэфлексаваць яе. Традыцыйны маніфест ад дырэктаркі кінафестывалю Волі Чайкоўскай сёлета набыў незвычайную форму: замест звыклай прозы атрымаўся верш. Яго поўную версію можна прачытаць на афіцыйным сайце.
Над стварэннем візуальнай айдэнтыкі працавала адна з дызайнерак канцэпту «Паўночнага ззяння» мінулага года Юля Васільчанка. Адным з асноўных элементаў візуалу фэсту сёлета стала звычайная лінія, якая сімвалізуе мяжу, што падзяліла людзей.
Візуальныя метафары разам з лямпавымі плёначнымі здымкамі ад фатографкі Каці Ігнашэвіч ствараюць сімбіёз, які перадае пачуцці настальгіі і прыемнай меланхоліі. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне і ў трэйлеры, які зроблены на стыку некалькіх тэхнік: калажу, глітч-анімацыі і моўшн-дызайну.
Як будзе праходзіць кінафестываль «Паўночнае ззянне — 2023»
Другі год запар кінафестываль «Паўночнае ззянне» будзе паказваць унікальныя фестывальныя стужкі ў гібрыдным фармаце: афлайн у Таліне і Вільнюсе і анлайн для беларусаў і беларусак, у якой бы краіне яны ні знаходзіліся. У анлайне фільмы «Ззяння» будуць зноў даступныя гледачам бясплатна.
Каманда кінафестывалю хутка раскрые змест праграмы фільмаў і адкрые рэгістрацыю для іх прагляду. Таксама каманда фестывалю будзе ўдзячная за падтрымку ў выглядзе данату. Сачыць за навінамі фэсту можна ў сацыяльных сетках праекта – FB, Instagram, Telegram.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.