Новости За день
CityDog.io

Ура! Стала вядома, які фільм пакажуць на адкрыцці кінафэсту «Паўночнае ззянне»

Ура! Стала вядома, які фільм пакажуць на адкрыцці кінафэсту «Паўночнае ззянне»
Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе з 13 па 26 лістапада, паведаміў, з якога фільма пачнецца фэст і якой стужкай ён скончыцца. Хутка кінафэст абвесціць і астатнія фільмы праграмы, глядзець якія можна будзе анлайн бясплатна па рэгістрацыі.

Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе з 13 па 26 лістапада, паведаміў, з якога фільма пачнецца фэст і якой стужкай ён скончыцца. Хутка кінафэст абвесціць і астатнія фільмы праграмы, глядзець якія можна будзе анлайн бясплатна па рэгістрацыі.

13 лістапада «Паўночнае ззянне – 2023» пачнецца з маляўнічага, жывапіснага і вельмі ўтульнага партрэта любімай мастачкі Фарэрскіх астравоў – фільма «Сэрца творцы».

Дакументальны баёпік знаёміць гледача з мастачкай Сігрун Гунарсдоцір. Ёй 73 гады. Яна нарадзілася і ўсё жыццё правяла ў вёсачцы Айі, якая быццам размясцілася ў кінасусвеце Уэса Андэрсана, але на самой справе знаходзіцца на другім па велічыні востраве Фарэраў. Сігрун пастаянна ў руху, пастаянна ў працы: малюе, шпацыруе з сабакам, гуляе з мужам у пінг-понг.

Менш за гадзіну гледачам раскажуць гісторыю мастачкі: ад вучобы ў Акадэміі мастацтваў у Капенгагене да станаўлення ў якасці мастачкі, мамы ды бабулі і заказу на напісанне партрэта дацкай каралевы Маргрэтэ.

Завершыцца 9-ы кінафестываль «Паўночнае ззянне» 26 лістапада фільмам сумеснай вытворчасці Даніі і Швецыі пра двухвекавыя стасункі чалавека і камеры – «І сказаў кароль: што за цуд-машына!».

Гэта вытканая з сотняў знойдзеных у інтэрнэце матэрыялаў дасціпная хроніка ахоплівае амаль 200-гадовую гісторыю выявы: ад вынаходства камеры-абскуры да з’яўлення вэб-камер і першых вірусных відэаролікаў. Рэжысёрскі дуэт Акселя Даніэлсана і Максімільена Ван Эртрыка стварыў адначасова саркастычнае і поўнае глыбокай пашаны фільм-эсэ, які даследуе тое, як выява кіруе нашым стаўленнем да зафіксаванай на ёй рэальнасці.

Аўтары міксуюць гістарычныя кадры з каранацыі Эдуарда VII (да яе адсылае мудрагелістая назва фільма) і фрагменты прапагандысцкіх стужак Трэцяга Рэйха з дзясяткамі знойдзеных на YouTube дамашніх відэа, тэлевізійнымі рэпартажамі з месцаў ваенных дзеянняў, кліпамі аматараў вострых адчуванняў, якія звісаюць з дахаў хмарачосаў, ды запісамі стрымаў Бэль Дэльфін. Атрымліваецца нібыта вельмі разнастайная стужка TikTok, «прапаноўку» з якой фарміруюць рэжысёры.

Уся праграма кінафестывалю будзе даступна бясплатна ў фармаце анлайн. Беларускую праграму «Паўночнага ззяння» часткова можна будзе паглядзець у кінатэатрах у Таліне і Вільнюсе. Больш інфармацыі пра гэта з’явіцца зусім скора.

Для беларусаў, якія будуць глядзець фільмы з Беларусі, рэгістрацыя праходзіць аўтаматычна. Для беларусаў замежжа доступ да фестывальнай платформы выдаецца ўручную. Падрабязная інструкцыя для рэгістрацыі ёсць на афіцыйным сайце кінафестывалю.

Калі вам падабаецца дзейнасць «Паўночнага ззяння», падтрымайце кінафэст данатам. Сачыць за навінамі фэсту можна ў сацыяльных сетках праекта – FB, Instagram, Telegram.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Відэа: YouTube.com.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter