Карціну беларускага мастака Андрэя Духоўнікава адабралі для Лонданскай арт-біенале, якая адкрыецца 27 ліпеня ў Чэлсi.
Для біенале адбіраюць творы больш за 400 мастакоў з усяго свету, у іх ліку аказаўся і беларускі мастак Андрэй Духоўнікаў з працай «Дзве душы» 2016 года.
Лонданская арт-біенале – выстава музейнага ўзроўню, якую курыруюць Міжнародная канфедэрацыя мастацтвазнаўцаў, Мастацкі музей К’янчана і Галерэя Гальярдзі.
«Галерэі, крытыкі і кліенты могуць праглядаць і ацэньваць творы мастацтва з усяго свету, ад Вялікабрытаніі да ЗША, ад Кітая да Паўднёвай Афрыкі, з рознымі культурамі, стылямі, ідэямі і мастацкімі выразамі, якія прадстаўляюць свет мастацтва ў сваёй глабальнай паўнаце», – пішуць на сайце інстытуцыі.
За дзень да адкрыцця экспазіцыі пройдзе цырымонія, на якой узнагародзяць найбольш адметныя працы аўтараў. Галоўная мастацкая прэмія складае 5000 фунтаў.
Андрэй Духоўнікаў запрашае ўсіх беларусаў, якія будуць у Лондане, наведаць выставу: з 27 па 30 ліпеня ўваход вольны.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.