Места Гісторыя
CityDog.io

Кароткі гайд па беларускіх мясцінах Вільнюса

Кароткі гайд па беларускіх мясцінах Вільнюса
Цяпер толькі і размоў пра беларусаў, ліцвінаў і Вільнюс. Нядаўна гісторыку Цімоху Акудовічу нават прыйшлося выбачацца за не так трактаваныя словы пра адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій беларусаў да Вільнюса. З гэтай нагоды вырашылі згадаць вільнюскія мясціны, знакавыя для беларусаў.

Цяпер толькі і размоў пра беларусаў, ліцвінаў і Вільнюс. Нядаўна гісторыку Цімоху Акудовічу нават прыйшлося выбачацца за не так трактаваныя словы пра адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій беларусаў да Вільнюса. З гэтай нагоды вырашылі згадаць вільнюскія мясціны, знакавыя для беларусаў.

«Успомню Вострую браму святую» (Aušros Vartu, 12)

Хто не чуў гэтых слоў Максіма Багдановіча! Яго так уразіла адзіная брама гарадской сцяны, якая захавалася з 16-га ст., што нарадзіўся верш, актуальны праз стагоддзі. Над аркай брамы дабудаваны фасад з пяццю амбразурамі і атык у стылі рэнесанс, дэкараваны гербам «Пагоня». Не дарма ў вершы працягваецца: «Старадаўняй Літоўскай Пагоні не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

Тут жа знаходзіцца капліца з цудадзейным абразам Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якую лічаць святой як каталікі, так і праваслаўныя, беларусы, палякі, літоўцы.

Па адной з версій, абраз адлюстроўвае знакамітую ліцвінскую прыгажуню Барбару Радзівіл. Гэта яе сёння лічаць прывідам знакамітай Чорнай панны Нясвіжа.

«Я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты» (Totorių, 20)

Калі працягваць тэму Багдановіча, менавіта ў будынку на Татарскай быў надрукаваны першы і адзіны прыжыццёвы зборнік яго вершаў «Вянок».

Акрамя яго, тут былі надрукаваны дзясяткі іншых беларускіх выданняў: кнігі Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Цёткі, Канстанцыі Буйло і многіх іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама этнаграфічныя матэрыялы, календары, ноты з беларускімі песнямі і танцамі. Тут пабачыла свет у 1918 годзе «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча.

Марцін Кухта выпускаў нават забароненыя цэнзурай творы, як, напрыклад, «Скрыпку беларускую» Гаўрылы з Полацка (адзін з псеўданімаў Цёткі), за што праследаваўся царскімі ўладамі.

А таксама ў Марціна Кухты пастаянна выдавалася газета «Наша Ніва». Праўда, першапачаткова ў іншым будынку, на сённяшняй вуліцы Універсітэцкай (Universiteto), 4.

Базыльянскія муры і кляштар (Aušros vartai, 7/7а)

Цікава гісторыя пабудовы Траецкай царквы. Гетман Канстанцін Астрожскі 63 разы дамагаўся перамогі ў бітвах, але ўсе памятаюць самую буйную – перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам на рэчцы Крапіўне пад Оршай 8 верасня 1514 года.

Бітва пад Оршай. Невядомы мастак.

Выпраўляючыся на тую крывавую сечу, Канстанцін Астрожскі даў зарок, што ў выпадку перамогі ён пабудуе ў Вільні царкву Святой Тройцы, каб уславіць Госпада Бога трыадзінага. Так і адбылося.

У сценах кляштара месцілася праваслаўная друкарня (тут у 1596 годзе педагог-гуманіст Лаўрэнці Зізані выдаў першы ўсходнеславянскі лемантар «Грамматіка словенска...»), потым тут была базыльянская друкарня.

Дапаможнік для вывучэння царкоўнаславянскай мовы.

Тут жа ў 1823-1824 гг. утрымліваліся арыштаваныя царскімі ўладамі па справе філаматаў Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка і іншыя. Келля, дзе быў зняволены Міцкевіч, атрымала імя Конрада, бо менавіта тут разгортваліся падзеі ІІІ часткі паэмы «Дзяды». У іх гонар усталяваны мемарыяльныя шыльды.

А ў міжваенны перыяд тут склаўся інтэлектуальны цэнтр і самы буйны беларускі асяродак у Вільні. Менавіта ў базыльянскіх мурах месціліся Віленская беларуская гімназія і Беларускі музей.

Сярод знакамітых выкладчыкаў гімназіі былі Антон і Іван Луцкевічы, Максім Гарэцкі, Барыс Кіт, Рыгор Шырма, Язэп Драздовіч, Францішак Аляхновіч, Аляксандр Коўш. А адной са знакамітых вучаніц – аўтарка верша «Магутны Божа» Наталля Арсеннева.

У музеі Луцкевіча, які месціўся тут з 1921 па 1945 гг., налічвалася больш за 13 450 адзінак захавання.

Дом-друкарня Францішка Скарыны, друкарня братоў Мамонічаў (Didzioji, 19)

Нядаўна мы пісалі пра нечаканыя факты з біяграфіі першадрукара Францішка Скарыны. Так, менавіта тут знаходзілася яго знакамітая друкарня пасля вяртання на радзіму з Прагі, першая ва Усходняй Еўропе. Менавіта адсюль выйшлі ў свет падрыхтаваныя Францішкам Скарынам выданні на царкоўнаславянскай мове: «Малая падарожная кніжка» (1522) і «Апостал» (1525).

Паўстанцкія мясціны

На тэме паўстання 1863-1864 г. можна абысці палову Старога горада Вільнюса. Прыпынімся на самых знакавых мясцінах.

У будынку рэдакцыі «першай беларускай газеты з рысункамі» (1907–1911 гг.) (Pylimo, 26/Traku, 1) за 50 гадоў да гэтага збіраліся паўстанцы-каліноўцы. Тут жа захоўваў частку сваёй археалагічнай калекцыі заснавальнік Віленскага музея старажытнасцей Яўстафій Тышкевіч і працаваў у акруговым судзе былы паўстанец Францішак Багушэвіч.

Лукішская турма (Lukiškiu skersgatvis, 6).

Лукішская вязніца, пабудаваная ў 1901–1905 гадах па ўказе Мікалая ІІ, з’яўлялася адной з найбуйнейшых у Расійскай імперыі «палітычных» турмаў. Тут чакалі прысуду паўстанцы, тут жа пісаліся знакамітыя «Лісты з-пад шыбеніцы».

Будынак турмы ў Лукішках 1918–1928 г.

Ужо пазней там таксама «бавілі час» многія дзеячы беларускага адраджэння пасля Рыжскага дагавора (1921), паводле якога заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. І гэта ўсё знаёмыя прозвішчы: Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Максім Танк, Барыс Кіт, Рыгор Шырма, Янка Хвораст, Уладзіслаў Паўлюкоўскі. А першы зборнік «Малюнкі» Міхася Машара вынесла з гэтай турмы і апублікавала Зоська Верас.

Лукішская плошча – месца казні Каліноўскага, Серакоўскага і яшчэ 19 паўстанцаў.

Амаль пад самым касцёлам Святых Якуба і Піліпа стаіць памятны крыж і сціплая памятная пліта кіраўнікам паўстання 1863 года.

Пра гэту пакладзеную на дол пліту згадвае Максім Танк у вершы «Вільня», напісаным яшчэ да вайны:

«…А на пліце цяжкой бэтоннай
дождж гразьзю прозьвішчы заплёскаў...
Баляду віселіц сьцюдзёных
гавора зь ветрам Каліноўскі…»

У 2008-м, падчас разгляду праектаў рэканструкцыі плошчы, над помнікам паўстанцам навісла пагроза. Толькі дзякуючы пратэстам беларускай грамады на чале з Таварыствам беларускай культуры Літвы ўрад прыняў рашэнне захаваць помнік.

Каталіцкія могілкі Росы з’яўляюцца некропалем беларускіх дзеячаў. Сюды быў перапахаваны і Кастусь Каліноўскі. Тут знайшла спачын яшчэ безліч асоб з беларускіх падручнікаў.

Гэта месца ўвогуле чакае больш адкрыццяў, бо літаральна ў 2021-м на Бернардзінскіх могілках была знойдзена магіла Камілы Марцінкевіч, той самай мінскай музы паўстання.

І напрыканцы зазірніце на месца ўлюблёнага бара Караткевіча (Šv. Ignoto, 4)

Ва ўспамінах «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» славуты навуковец-беларусіст Адам Мальдзіс згадваў, што, будучы ў Вільнюсе, яны любілі зайсці ў бар Bociu на рагу вуліц Святога Ігната і Бенедыктынскай, прыводзячы двухрадкоўе Караткевіча:

«Па дарозе ў “Бочу”
Нікуды не збочу».

Зараз на месцы бара ўжо іншыя назвы, але ж на тое і гісторыкі, каб іх узгадваць!

 

Фота: Wikipedia.org, 34travel.me, Delfi.lv, Tury.ru, Bis.nlb.by, Obzor.lt, Nashaniva.com.

#Вильнюс
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter