Люди, истории Гайды, разборы
CityDog.io

«Да рэальнай дэмакратычнасці беларусам яшчэ далёка». Палітолаг – пра тое, як беларусы ўсё пра***лі і чаму так прыемна ўспамінаць 2019 год

«Да рэальнай дэмакратычнасці беларусам яшчэ далёка». Палітолаг – пра тое, як беларусы ўсё пра***лі і чам...
Калісьці СityDog.io ужо пытаўся ў эксперта, калі ў Беларусі скончыцца ўвесь трэш з рэпрэсіямі і эканамічным крызісам. Сёння даведаліся ў эксперта, чаму і як беларусы прыйшлі да гэтага. І ў які момант усё стала кепска.

Калісьці СityDog.io ужо пытаўся ў эксперта, калі ў Беларусі скончыцца ўвесь трэш з рэпрэсіямі і эканамічным крызісам. Сёння даведаліся ў эксперта, чаму і як беларусы прыйшлі да гэтага. І ў які момант усё стала кепска.

– Калі, на вашу думку, Беларусь «збочыла не туды»? І ці быў у гісторыі нашай краіны перыяд, калі ўвесь гэты трэш (затрыманні, эканамічны крызіс і г. д.) адсутнічаў?

УЛАДЗІСЛАЎ ІВАНОЎ
палітолаг, палітычны гісторык, дацэнт ЕГУ

У гісторыі Беларусі XIX–XXI стст. не трэба шукаць «залатога перыяду». У нас не было «чароўнага часу» – мы жылі і жывём ва ўмовах гвалту, ва ўмовах імперыі ці ў цені імперыі. Безупынна адбываўся трэш у вялікіх ці ў меншых дозах: арышты, расстрэлы, царскія і савецкія, а потым і беларускія турмы, высылкі, гулагі, цэнзура, войны, жалезная заслона, бюракратычны і ідэалагічны ціск і кантроль – спіс можна працягваць далей.

Кароткія і падманлівыя перыяды гэтак званай лібералізацыі падаваліся многім як вольніца і дэмакратыя. Нічога падобнага насамрэч не было: і тады знікалі людзі, працягваліся карупцыя, запалохванне, палітычны, электаральны падман, дэзінфармацыя і прапаганда.

– Нядаўна адзін знаёмы сказаў: «У Беларусі ўжо некалькі гадоў адбываецца гамон». А як, на ваш погляд, можна адным словам ахарактарызаваць тую сітуацыю, якая цяпер адбываецца ў Беларусі?

– Эмацыянальна і імгненна я таксама сказаў бы «гамон». Але як навуковец, які шукае рацыянальнае і больш падыходзячае азначэнне, я апошнім часам спыняюся на паняцці «гуманітарная катастрофа».

Мы называем гуманітарнай катастрофай такі стан грамадства, які характарызуецца пагрозай ягонага знішчэння ў выніку розных прычын. Звычайна гэтымі прычынамі з’яўляюцца голад, эпідэмія, вайна, міграцыя і гэтак далей.

Раней думалася, што падобнае адбываецца ў бедных краінах – недзе далёка. Але не. У Беларусі знішчаюцца культура, мова, інтэлектуальная спадчына з рэсурсамі, сацыяльна-эканамічнымі напрацоўкамі, пераемнасць, будучыня. Гэта сілкуецца імперыялізмам афіцыйна саюзнай Расіі, якая насамрэч працягвае весці схаваную акупацыйную палітыку на тэрыторыі Беларусі.

– Хутчэй за ўсё, звычайны беларус, асабліва не паглыблены ў палітыку, скажа, што ўсё змянілася ў 2020-м. У 2019 годзе здавалася, што для Беларусі ўсё добрае толькі пачынаецца. Чаму, на ваш погляд, у 2019-м многім падавалася, што ўсё акей? Ці было так на самой справе?

– Так, звычайныя беларус і беларуска лічаць, што да 2020 года ўсё у цэлым рухалася пазытыўна. Калі ўлічваць унутраную беларускую дынаміку і не параўноўваць яе з тым, як развіваецца дэмакратычны свет, гэта сапраўды можна ўспрымаць як эвалюцыю беларускай сістэмы.

Пры гэтым, калі аналізаваць і глядзець глабальна на найноўшую гісторыю і палітыку Беларусі, бачна, што гэтак званая рэгулярная «адліга», ці лібералізацыя, – толькі стратэгія рэжыму. Гэта патрэбна, каб пастаянна атрымліваць новае фінансаванне.

У многіх людзей працуе кароткая памяць. Яны забываюць, а часам не ведаюць усёй лініі гвалту цяперашняга рэжыму: як забытымі і не прааналізаванымі дагэтуль застаюцца злачынствы і памылкі папярэдніх рэжымаў.

Часцяком значнай часткай калядэмакратычнай апазіцыі хутка забываецца палітыка пугі і гвалту ў 1999–2000, 2006, 2010, 2017 і потым у 2020–2024 гадах. Але ўсе добра памятаюць «пернікі» ў прамежак паміж гвалтам: модныя фестывалі, адносна свабодныя СМІ ў пэўны час, «шэнгены», Зыбіцкая, палацы спорту, Дажынкі.

– Вы вылучылі некалькі перыядаў, калі яскрава праяўлялася палітыка «пугі і перніка»: 1999–2000, 2006, 2010, 2017 і 2020–2024 гады. Якія падзеі вы маеце на ўвазе?

– У палітычнай навуцы калі мы аналізуем функцыянаванне беларускага рэжыму, то вылучаем перыяды эскалацыі агрэсіі і гвалту і пэўныя перыяды лагоды, адлігі ці лібералізацыі рэжыму. Перыяд гвалту звычайна звязаны з электаральным цыклам. Да перыядаў «пугі і гвалту» можна дакладна аднесці:

1999-2000: Марш свабоды 1999 года і гвалтоўны разгон, арышты і смерць Генадзя Карпенкі, знікненне ў тым самым годзе Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.

2006: «Валошкавая», ці «джынсавая» рэвалюцыя – пратэсты 19–26 сакавіка 2006 супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і рэакцыя з боку ўладаў. Тады былі арышты, разгон палатачнага гарадка.

2010: Плошча-2010, рэакцыя рэжыму на пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў.

2017: Марш недармаедаў, Дзень Волі. Таксама былі суды і арышты.

У кожны з гэтых перыядаў гвалту рэжым «трэніраваўся» на грамадзянах і станавіўся больш жорсткім.

– Калі ўсё ж пунктам адліку глабальнага пагаршэння сітуацыі ў Беларусі лічыць 2019 год, то якія падзеі ці асобныя навіны найбольш яскрава паказваюць узмацненне рэжыму?

– Не думаю, што 2019 год можна ўспрымаць момантам пачатку глабальнага пагаршэння сітуацыі ў Беларусі. Узмацненне любога аўтарытарнага рэжыму найбольш актыўна і выразна праяўляецца напярэдадні і падчас выбараў.

Арышты дзеячаў апазіцыі напярэдадні парламенцкіх (2019 г.) і прэзідэнцкіх выбараў (2020 г.) – найбольш выразная праява як узмацнення, так і страху рэжыму. Такая логіка назіраецца напярэдадні ўсіх выбараў.

– А якія яскравыя падзеі можна вылучыць за 2020–2024 год, якія найбольш моцна адлюстроўвалі б узмацненне ўплыву рэжыму за гэтыя чатыры гады? І чаму, на ваш погляд, не моцна адчуваецца «пернік» у дачыненні да сённяшняй палітыкі? Ці вы так не лічыце?

– Мы назіраем спробу рэжыму дэманстраваць сілу праз гвалт і падтрымку з боку Расіі. Таксама бачна спроба стварыць карціну нармальнага жыцця. Але гэта не ўзмацненне рэжыму.

На дадзены момант у Беларусі перыяд пугі – да перніка яшчэ далёка. Калі рэжым пяройдзе да раздачы пернікаў, то гэта будзе азначаць тое, што ён прызнае свае памылкі з 2020 года.

– Паводле апошніх, але яшчэ не апублікаваных статыстычных звестак Chatham House (пра іх пісалі ў старэйшым беларускім медыя, прызнаным «экстрэмісцкім фармаваннем»), беларусы хацелі б дэмакратыі. У той самы час, кажучы пра эканоміку, яны знаходзяцца недзе пасярэдзіне паміж іміджам сённяшняй улады і іміджам дэмакратычнага руху. Што гэта гаворыць пра сітуацыю ў краіне?

– Імкненне беларусаў да дэмакратычнасці – вельмі добрая заява, мара. Але тут варта быць асцярожнымі. Паняцце «дэмакратычнасць» ва ўмовах дыктатуры часта мае расплывісты сэнс: яго выкарыстоўваюць усе, у тым ліку рэжымнікі, якія лічаць сябе дэмакратамі.

Сярод беларусаў мы часта назіраем гібрыдызацыю, разгубленасць і нявызначанасць жаданняў: «жыць як у Еўропе, але з нашымі чыноўнікамі», «сябраваць з ЕС, але не крыўдзіць Расію», «падтрымліваць беларускую мову, але не цалкам аддацца беларусізацыі» і г.д. Тое, што ў эканоміцы беларусы хочуць нечага сярэдняга паміж сённяшнім рэжымам і дэмакратычным рухам, толькі даказвае, што да рэальнай дэмакратычнасці беларусам яшчэ далёка.

Сапраўдная дэмакратычнасць – гэта вызначанасць, яснае разуменне мадэлі разьвіцця і таго, які бок, лагер вы прымаеце.

Пратэсты 2020 года аб’ядналі беларусаў, паказалі іх дэмакратычнае імкненне, але не саму дэмакратычнасць. Каб казаць пра рэальную дэмакратычнасць, трэба жыць у ёй. Трэба, каб інстытуцыі дзейнічалі ў дэмакратыі, каб на выбарах перамагалі розныя асобы, каб дэпутаты і дэпутаткі не назначаліся, а выбіраліся. Нічога падобнага ў нас даўно ці, можа, ніколі ў гісторыі не было.

Плюс савецкая, а потым сучасная дыктатура даўно вынішчалі культуру ўдзелу. У Беларусі людзей адарвала ад палітычнага грамадства, таму нам трэба ўсяму вучыцца з нуля.

На фоне таго, што многія сядзяць у турмах, а яшчэ больш прадэмакратычных грамадзян і грамадзянак з’ехалі, у краіне назіраецца сапраўдны дэфіцыт дэмакратычнасці.

Мне здаецца, што толькі падтрымка Захаду, дапамога дыяспары і вяртанне беларусаў і беларусак з дэмакратычным заходнім багажом на радзіму дапамаглі б усталяванню рэальнай дэмакратычнасці. Гэта доўгі і цяжкі шлях нават пры спрыяльных умовах.

– А як вы можаце ацаніць сітуацыю ў красавіку 2024 года? Наколькі моцныя цяпер рэпрэсіі? І чаго можна чакаць у бліжэйшы час, калі меркаваць па апошніх навінах?

– Радыкальная гвалтоўная дынаміка рэпрэсій паступова спынілася, і рэпрэсіі адбываюцца ў іншым, больш схаваным і завуаляваным фармаце. Але яны нікуды не дзеліся.

Звальненні, псіхалагічны і іншы ціск, дыскрэдытацыя, адміністрацыйны пераслед ёсць і цяпер. Аўтарытарны рэжым, якім з’яўляецца Беларусь, залежыць ад рэпрэсій – яны выкліканы няўпэўненасцю, непрызнаннем рэжыму. Праз рэпрэсіі рэжым даказвае сабе, што з’яўляецца актыўным, і спрабуе пераканаць у гэтым усіх у краіне.

Давайце ўспомнім, што савецкая ўлада існавала шматлікія дзесяцігоддзі. Амаль увесь час у СССР (часам адкрыта, часам утоена) дзейнічалі палітычныя і іншыя рэпрэсіі. Праўда, аналіз практычна ўсіх рэпрэсіўных рэжымаў (ад часоў Французскай рэвалюцыі да сучаснай Беларусі) паказвае непрыемную для саміх рэжымаў выснову: рана ці позна многія кіраўнікі і самі рэжымы становяцца ахвярамі рэпрэсій.

Акадэмічная палітычная навука не дае прагнозаў, а толькі паказвае тэндэнцыі. Варта ўлічваць, што існаванне рэжыму і рэпрэсій у Беларусі наўпрост звязана з расійскім фактарам і вынікам расійска-ўкраінскай вайны. Гэтыя фактары будуць вырашальнымі ў развіцці Беларусі ў найбліжэйшы час.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў героя, Unsplash.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter