Мая кватэра за мяжой у Хельсінкі: «санаторый на мяжы горада», прастата і зручнасць ва ўсім за 1350 еўра ў месяц

Мая кватэра за мяжой у Хельсінкі: «санаторый на мяжы горада», прастата і зручнасць ва ўсім за 1350 еўра ...
На гэты раз мы завіталі ў госці на поўнач – у фінскі Хельсінкі. Тут старанна сартуюць смецце, шануюць прыроду, робяць дамы даступнымі для маламабільных жыхароў, а кватэры абстаўляюць проста і з густам. Экскурсію па сваім жыллі для нас правяла Алеся, беларуская моўшн-дызайнерка на фрылансе.

На гэты раз мы завіталі ў госці на поўнач – у фінскі Хельсінкі. Тут старанна сартуюць смецце, шануюць прыроду, робяць дамы даступнымі для маламабільных жыхароў, а кватэры абстаўляюць проста і з густам. Экскурсію па сваім жыллі для нас правяла Алеся, беларуская моўшн-дызайнерка на фрылансе.

– Я пераехала з сям’ёй (мужам і дачкой) з Мінска ў Хельсінкі ў ліпені 2021-га. Фармальна гэта быў рэлакейт па працы мужа, але мы вырашылі пераязджаць з-за сітуацыі ў краіне. Да пераезду я ўсё жыццё жыла ў Мінску і перад Фінляндыяй паспела зусім трохі пажыць у Польшчы.

Кватэру я шукала на фінскіх сайтах кшталту vuokraovi.com, oikotie.fi і на сайтах кампаній, якія займаюцца арэндным жытлом. Мая мэта была знайсці нешта як мінімум на дзве спальні, бо ўсе вельмі стаміліся ад адсутнасці асабістай прасторы ў польскіх кавалерках і невялічкіх Airbnb. Увесь працэс заняў не так шмат часу. Падаецца, наша кватэра была пятай ці шостай, якую мы паглядзелі.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Гасцёўня.Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Сталовая.

Гасцёўня і сталовая.

Плошча кватэры – 78 кв. м, у ёй тры пакоі (дзве спальні). Унутры, калі мы пераехалі, была ўладкаваная кухня (пліта, духоўка, пасудамыйка, мікрахвалёўка і зламаная лядоўня, якую гаспадар кватэры пасля памяняў на новую). Былі жалюзі на ўсіх вокнах. Вокны паўсюль двайныя, а жалюзі знаходзяцца паміж шклом. І ўсё. Не было нават лямпачак і электрычнасці. Электрычнасць уключылі аддалена праз гадзіну пасля падпісання кантракта. Як і інтэрнэт, трэба было толькі набыць роўтар.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Кухня.

Кухня.

«Мама, у аднакласніка мэбля амаль уся такая, як у нас!»

Кватэру трэба было абстаўляць з нуля, таму наша жыллё выглядае ў асноўным як шоўрум самай таннай мэблі з Ікеа. З цікавага: аднойчы дачка была ў гасцях у аднакласніка – экспата з Сінгапура, прыйшла і кажа: «Мама, а ў іх мэбля амаль уся такая, як у нас!» Цяпер я б, можа, крыху больш часу патраціла і пашукала б цікавейшыя і таннейшыя варыянты ў мясцовых цэнтрах перапрацоўкі і на барахолках. Але тады проста хацелася, каб хутчэй было за чым есці і на чым спаць.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Спальня дачкі, інтэр’ер.

Пакой дачкі Алесі.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Спальня гаспадароў, інтэр’ер.

Спальня гаспадароў.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Працоўная зона, камп’ютар.

Працоўная зона ў спальні.

Калі апісваць кватэры ў Хельсінкі, то знутры большасць з іх амаль аднолькавыя. Наша кватэра вельмі тыповая. Белыя фарбаваныя сцены, убудаваныя белыя шафы, драўляны паркет, маленькія спальні, сумешчаны санвузел, дзірка ў падлозе замест ванны і саўна. Ну, можа, саўна ёсць не ў кожнай кватэры: бывае жытло, дзе адна вялікая саўна на ўвесь пад’езд; бывае што і няма саўны, але тады гэта вялікі мінус для жылля. Па саўне фанацее больш мой муж, але я, хоць і не вельмі люблю, думаю, што яна сапраўды дазваляе лягчэй перажыць зімовыя месяцы.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Ванны пакой.Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Саўна.

Ванны пакой і саўна.

«З-за вавёрак шкло балкона нельга адчыняць»

Наш раён называецца Pajamäki, ён зусім невялікі. З аднаго боку – дачы (раней яны былі за межамі горада, але цяпер ужо ягоная частка), з другой – невялікі лес і каменныя акопы часоў Першай сусветнай, з трэцяй – гольф-клуб, які ўзімку ператвараецца ў месца для катання на лыжах.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Від з акна спальні.

Від з акна.

Хельсінкі, поле для гольфа.

Побач добры транспарт: аўтобусы, трамвай і гарадская хуткасная электрычка. Аднолькава хутка можна даехаць як у цэнтр, так і ў суседні горад Эспа. Да школы ў выніку прыходзіцца дабірацца на аўтобусе, але кошт за праезд пакрывае муніцыпалітэт. Маленькая крама – 3 хвіліны ад дома, вялікая – 15 хвілін, мол – 25 хвілін.

Ёсць рэчка, невялічкі вадаспад і гарадскія агароды. Зайцы, вавёркі, процьма птушак, часам казулі. Аднойчы бачылі ястраба. Кажуць, што ёсць вавёркі-палятухі, але яны маленькія, жывуць высока і ўсяго баяцца. Таму застаецца толькі верыць, што яны ёсць. За 40 хвілін па зялёнай зоне можна дайсці да заліва, што мы вельмі часта і робім.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Балкон, інтэр’ер.Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Балкон вясной.

Балкон у кватэры.

Дом пабудаваны ў 1999 годзе, калі эканоміка Фінляндыі пачала ажываць пасля вялікага крызісу. Сусед расказваў, што дом праектаваў малады архітэктар і яго версія даху была не вельмі ўдалая, таму жыхарам прыйшлося пазней мяняць дах за свой кошт. Больш за ўсё дызайн гэтага дома любяць вавёркі, яны выкарыстоўваюць драўляныя рэйкі, якія ўпрыгожваюць фасад, як лесвіцу. Кожную раніцу можна назіраць, як яны лезуць міма акна па рэйках у сваю схованку. Вавёркі класныя, яны мяне цешаць, але шкло балкона з-за іх нельга адчыняць.

Хельсінкі, балкон, вавёрка, зіма.

Наш раён вельмі ціхі. Суседзі ў асноўным старыя людзі і маладыя сем’і з маленькімі дзецьмі. Раён зусім выміраў, але не так даўно адкрылі дзіцячы садок – і дынаміка памянялася.

Від дома беларускі ў Хельсінкі, Фінляндыя.

Пражыванне ў «санаторыі на мяжы горада» мае свае мінусы, бо вуліцы прыязджаюць чысціць і пасыпаць да нас амаль заўсёды ў самую апошнюю чаргу. Узімку мы часта перасоўваемся па ваколіцах у гарадскіх кошках, бо ў Хельсінкі галоўная праблема – гэта не столькі снег, колькі лёд. З мінусаў самой кватэры – яна, як і большасць жылля ў Фінляндыі, не вельмі добра вытрымлівае спёку.

Маштабная сарціроўка смецця і паркоўка для ровараў

Мне падабаецца добрая сістэма сарціроўкі смецця. Сметніцы знаходзяцца ў асобным будынку пад вокнамі. Будынак зачыняецца на ключ. Мы асобна сартуем арганіку, кардон, макулатуру, шкло, метал і пластык. У мясцовых бутэлек ёсць залогавы кошт, дачка носіць здаваць іх у аўтамат у бліжэйшую краму.

Кватэра ў Хельсінкі, Фінляндыя. Калідор, дзверы.

Калідор у кватэры.

Добра, што на першым паверсе ёсць спецыяльная паркоўка для ровараў. Мы з дачкой захоўваем там свае танныя ровары, але муж свой больш дарагі ровар вырашыў там не пакідаць. У Фінляндыі нізкі ўзровень злачынстваў, але гэта не адносіцца да крадзяжу ровараў.

Сметніца ў доме ў Хельсінкі.

Усё пра кошты: арэнда – 1350 еўра

Наша кватэра не самая танная, але для свайго метражу не дужа дарагая. Спачатку кошты мяне ўводзілі ў ступар, а цяпер я неяк прызвычаілася.

Залог 2700 еўра. Гэта сума заблакіравана на асобным акаўнце на выпадак, калі пасля нас трэба будзе нешта рамантаваць. 1350 еўра – арэнда, фіксаваны кантракт на 5 гадоў. Сюды ж уваходзіць цэнтральнае ацяпленне. Кватэра цёплая, мы ні разу не мерзлі. Уключаецца ацяпленне, калі на вуліцы дзесьці +5. Тэмпературу можна рэгуляваць самім на батарэях.

Пакой для ровараў у фінскім доме.

Абслугоўванне пад’езда таксама залічваецца ў кошт арэнды (уборка на лесвічнай пляцоўцы, чыстка снегу, догляд за кветкамі ў двары). А яшчэ сюды ўваходзяць паслугі сантэхніка.

Сантэхнік, дарэчы, – гэта наш першы сапраўдны культурны шок, бо высветлілася, што ў яго ёсць ключ ад нашай кватэры і што ён можа прыйсці і нешта рамантаваць без нашай прысутнасці. Насамрэч адзін і той жа ключ адчыняе ўваходныя дзверы, кватэру і прыбудову са сметніцамі.

22 еўра на чалавека – кошт за ваду. Планавага адключэння гарачай вады няма. 15 еўра – абавязковая страхоўка кватэры. 13 цэнтаў за кВт·г – электрычнасць. Наша сярэдняе спажыванне – 280 кВт, што азначае каля 36 еўра ў месяц. Бывае больш, бывае менш.

Чалавек катаецца на лыжах зімой у Хельсінкі, Фінляндыя.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: з асабістага архіва гераіні.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter