Полезные подборки
CityDog.io

Ад драмы пра блогера-інцэла да камедыйнага трылера пра ахоўніка супермаркета: 10 фільмаў на вялікія выхадныя

Ад драмы пра блогера-інцэла да камедыйнага трылера пра ахоўніка супермаркета: 10 фільмаў на вялікія выха...
Наперадзе чатыры выхадныя, і, калі вы шукаеце, што глянуць за гэтыя дні, мы знайшлі за вас: кінафэст «Паўночнае ззянне» прадставіў праграму cтужак, якую можна паглядзець анлайн. Усе фільмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па мінскім часе: выбірайце са спіса ніжэй.

Наперадзе чатыры выхадныя, і, калі вы шукаеце, што глянуць за гэтыя дні, мы знайшлі за вас: кінафэст «Паўночнае ззянне» прадставіў праграму cтужак, якую можна паглядзець анлайн. Усе фільмы будуць даступныя згодна з раскладам з 00:00 да 23:59 па мінскім часе: выбірайце са спіса ніжэй.

7 лістапада

«Жыццё і іншыя праблемы»

(рэж. Макс Кестнер, Данія, Швецыя, Вялікабрытанія, 2022)

Навукова-філасофскае разважанне пра сутнасць быцця. Стужка пачынаецца з забойства дацкай жырафы Марыуса ў капенгагенскім заапарку, гучнага інцыдэнту, які 10 гадоў таму абмяркоўваў увесь свет.

Рэжысёр Макс Кестнер зачараваны пытаннем, што робіць чалавека настолькі усёмагутным, што ён можа вырашаць лёсы жывёл: дакументаліст праводзіць нас праз іранічнае даследаванне, у якім ён разам з навукоўцамі шукае адказы на самыя глыбокія экзістэнцыяльныя пытанні.

«Нарвежскае патомства»

(рэж. Марлен Эмілі Лінгстад, Данія, 2023)

Саркастычна-меланхалічная драма пра блогера-інцэла, які заглушае мужчынскую сексуальнасць, а пасля смерці маці ўпершыню задумваецца пра працяг роду. Прэм’ера адбылася сёлета на Канскім кінафестывалі, дзе атрымала прыз праграмы «Сінефандасьён».

8 лістапада

«Працэсы»

(рэж. Андрэй Кашперскі, Польшча, 2023)

Беларускі рэжысёр Андрэй Кашперскі пераўтварыў папулярны сатырычны серыял «Працэсы», які стварыў сумесна з шоўранерам Міхаілам Зуем, у поўнаметражны фільм. Атрымалася смелая і дасціпная антыўтопія па-беларуску.

У цэнтры сюжэта – кафкіянская калекцыя абсурдных анекдотаў пра грамадства, якое паступова трапляе пад уладу татальнага кантролю і прапаганды, дзе людзі ператвараюцца ў бяссэнсныя «шрубкі» сістэмы. Страх, рэпрэсіі, знішчэнне культуры і чалавечай годнасці, стварэнне вінаватых без віны – гэта сатыра на рэчаіснасць, дзе лозунгі «Вайна – гэта мір» і «Свабода – гэта рабства» становяцца часткай паўсядзённага жыцця.

«Лазневы дзень»

(рэж. Ганна Хінтс, Тушар Пракаш, Эстонія, 2024)

Вы можаце памятаць з леташняга «Ззяння» фільм «Сястрынства лазні па-чорнаму»: пасля яго поспеху (забраў прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі – еўрапейскі «Оскар» – як лепшы дакументальны фільм, пры гэтым намінаваўся ад Эстоніі на амерыканскую прэмію «Оскар») рэжысёрка Ганна Хінтс зноў пагружае гледача ў замкнёную інтымнасць традыцыйнай эстонскай саўны, аднак на гэты раз у кампаніі мужчын.

13 хвілін фільма, на працягу якіх голыя потныя мужчыны рознага ўзросту амаль моўчкі сядзяць поплеч, пакуль памяшканне лазні не ахоплівае пара, а тэмпература няўхільна павышаецца.

9 лістапада

«Песні Зямлі»

(рэж. Маргрэт Олін, Нарвегія, 2023)

Нарвежскі док неверагоднай прыгажосці зачаруе ўсіх аматараў National Geographic. У гэту медытатыўную візуальную вандроўку глядач адпраўляецца разам з рэжысёркай Маргрэт Олін і яе 84-гадовым бацькам Ëргенам.

Фіёрды, леднікі і вадаспады становяцца фонам для разважанняў пра нашы адносіны з прыродай, сувязі паміж бацькамі і дзецьмі і прыгажосці жыцця, а таксама для аповедаў Ëргена пра 55-гадовы шлюб з жонкай Магнхільд, іх агульныя радасці і філасофскае чаканне смерці. Фільм быў намінаваны на прэмію «Оскар-2024» ад Нарвегіі.

«Мой запаветны край»

(рэж. Сігі К’яртан, Ісландыя, 2023)

Кароткаметражная стужка, якая падсвятляе малавядомыя праявы вайны. Рэжысёр, натхніўшыся гісторыяй сваёй сям’і, імкнецца перапыніць культуру маўчання, якая склалася ў Ісландыі вакол «сітуацыі» – перыяду акупацыі краіны заходнімі саюзнымі войскамі, які прывёў да сур’ёзных сацыяльных змяненняў.

Па сюжэце, маладая спявачка выступае ў падпольным амерыканскім клубе ў Ісландыі падчас Другой сусветнай вайны. Неўзабаве дзяўчына сутыкаецца з жорсткім уплывам вайны на асабістае жыццё. Карціна пра боль маўчання і пра пакаленне, чыя праўда можа так і застацца нявыказанай.

«Шэры край»

(Станіслаў Багдзя, Польшча, 2023)

Стужка з Беларускага конкурсу кінафэсту. У ёй рытм колаў і знаёмыя радкі пра родны кут ператвараюцца ў медытацыйнае падарожжа, напоўненае сімваламі і вобразамі.

Станіслаў Багдзя ў сваёй эксперыментальнай кароткаметражнай карціне задаецца пытаннямі: ці можна змяніць напрамак у гэтым падарожжы, ці магчыма вярнуцца назад, у той «шэры край», які існуе толькі ў памяці і душы.

10 лістапада

«Прамень»

(рэж. Аляксандр Лінд, Данія, 2023)

Дынамічны дакументальны фільм, які апавядае пра мала вядомы за межамі Даніі, але гучны арт-скандал вакол інсталяцыі мастачкі Эле-Мі Эйдруп Хансэн «Скульптура міру». Яна ўяўляла сабой лазерны прамень даўжынёй 532 кіламетры, які злучаў 6000 існуючых ваенных бункераў, пабудаваных дацкімі рабочымі для нацыстаў.

Праект імкнуўся падкрэсліць трывожную дваістасць у калектыўнай памяці, гэткую гістарычную амнезію. Разадраўшы такім чынам гістарычныя раны, мастачка стала ахвярай сексісцкага палявання на ведзьмаў з боку ветэранаў, СМІ і ўладаў, што амаль зруйнавала яе кар’еру на наступныя 20 гадоў.

«Песні зямлі, што павольна гарыць»

(рэж. Вольга Журба, Украіна, Швецыя, Данія, Францыя, 2024)

Новы фільм украінскай рэжысёркі Вольгі Журбы, якую глядачкі і гледачы «Паўночнага ззяння» могуць ведаць па фільме «Звонку».

Гэта карціна – аўдыявізуальны дзённік паглыблення Украіны ў бездань татальнай вайны, дзе рэфлексіўнае назіранне за краінай у ваенныя часы пераплятаецца з расказамі відавочцаў, асэнсоўваючы найглыбейшую трагедыю: нармалізацыю вайны. Пейзажы, рэдкія размовы і выпадковыя сустрэчы, гукі, што ўплятаюцца ў карціну і выблытваюцца з яе, – вось што складае «Песні зямлі, што павольна гарыць».

«Кроў і караоке»

(Юрый Сямашка, Польшча, 2023)

Анімацыйная прытча ў абгортцы камедыйнага трылера ад рэжысёра Юрыя Сямашкі – таго самага, які забраў дадому найбольшую колькасць узнагарод прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас – 24».

У гэтай іранічнай анімацыі мы назіраем за баязлівым ахоўнікам супермаркета, які трапляе ў небяспечную сітуацыю. Сямашка спалучае гумар і абсурд, расказваючы гісторыю пра сілу кплівага лёсу.

Сачыце за навінамі фэсту ў FB, Instagram і Telegram. А падтрымаць «Паўночнае ззянне» можна тут.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Відэа: YouTube.com.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter