Люди, истории
CityDog.io

«Пражыць на 1500$ у месяц вельмі складана». Беларуска з Лондана расказала, як жыве там з невялікім заробкам

«Пражыць на 1500$ у месяц вельмі складана». Беларуска з Лондана расказала, як жыве там з невялікім заробкам
У рубрыцы «Выжыць на адну зарплату» беларусы з розных краін расказваюць, як жывуць і на што трацяць свой невялікі заробак. Гэтым разам пагутарылі з Ганнай, якая амаль два гады жыве ў Лондане.

У рубрыцы «Выжыць на адну зарплату» беларусы з розных краін расказваюць, як жывуць і на што трацяць свой невялікі заробак. Гэтым разам пагутарылі з Ганнай, якая амаль два гады жыве ў Лондане.

Ганна (34) пераехала ў Лондан у верасні 2021 года, таму што атрымала брытанскую стыпендыю на навучанне ў магістратуры (па творчым пісьме). Цяпер дзяўчына піша кнігі, працуе з перакладамі і займаецца актывізмам на карысць Беларусі.

– Я магла паехаць у адзін з трох гарадоў Вялікабрытаніі, але выбрала менавіта Лондан, таму што толькі там у мяне ўжо былі сябры і нейкія сувязі, – расказвае дзяўчына. – Справа ў тым, што калісьці я год жыла і валанцёрыла ў даволі аддаленым месцы ў Ірландыі. У мяне там не было сяброў, і я адчувала сябе вельмі самотна. З-за гэтага ў мяне пачалася дэпрэсія, з якой я потым змагалася на працягу трох гадоў. Навучаная гэтым досведам, я вырашыла, што лепш паеду туды, дзе ў мяне дакладана ёсць знаёмыя.

Скрыжаванне ў Лондане.Вечар і агеньчыкі ў Лондане.

Даход: стыпендыя – 1390 фунтаў, заробак на паўстаўкі – 1170

– Першы год у Лондане я жыла выключна на сваю стыпендыю – 1390 фунтаў (1762$) на месяц. З гэтых грошай у мяне атрымлівалася нават адкладаць каля 200 фунтаў (253$), каб збіраць пэўную падушку бяспекі.

Пасля таго як стыпендыя скончылася, я працавала перакладчыцай субцітраў (з беларускай і рускай моў на англійскую) на паўстаўкі максімум па 20 гадзін на тыдзень – бо па студэнцкай візе працаваць болей немагчыма.

Аплата была 15 фунтаў (19$) за гадзіну, гэта значыць на месяц выходзіла ў сярэднім 1200 фунтаў (1520$). Пасля выплаты падаткаў на рукі я атрымлівала прыблізна 1170 фунтаў (1483$).

З гэтага заробку адкладаць ужо не атрымлівалася – таму што і грошы меншыя, і кошты за гэты час падраслі (у тым ліку на ежу).

Від на Лондан з крышы.Прыгожыя вуліцы Лондана.

Жыллё і камуналка: 650 фунтаў за пакойчык і 10 фунтаў за мабільны інтэрнэт

– У Лондане я арандую невялікі пакойчык, за які плачу 650 фунтаў (824$) у месяц. Мне пашанцавала знайсці яго праз знаёмых яшчэ летам 2021 года, калі лакдаўн толькі скончыўся і не ўсе паспелі вярнуцца ў горад, – тады з пошукам кватэр было прасцей.

Гэты пакойчык знаходзіцца ў доме ў віктарыянскім стылі, які часта можна пабачыць на карцінках ці ў кіно. Тут жа жыве і гаспадыня – англійская бабуля, вельмі адукаваная і адэкватная жанчына, – і яшчэ адна дзяўчына-арандатарка.

Таксама мне пашанцавала, што ўсе камунальныя паслугі (у тым ліку інтэрнэт) уключаны ў кошт арэнды. Бо калі кошты пачалі моцна падымацца з-за крызісу і вайны ва Украіне, некаторыя людзі не маглі сабе дазволіць уключаць ацяпленне зімой, бо для іх гэта было занадта дорага. У мяне ж з гэтым праблем не было.

Дадаткова я аплачваю толькі мабільны інтэрнэт – 10 фунтаў (13$) на месяц.

Вуліцы Лондана восенню.Смешны кот у Лондане.

Праезд: метро – ад 2,80 да 3,20 фунта за паездку, аўтобус – 1,75

– Транспарт у Лондане вельмі дарагі. Я жыву ў другой зоне (а ўсяго іх 9, 6 з якіх у самім горадзе), адкуль на метро да цэнтра можна даехаць за 20–30 хвілін. Кошт праезда ў метро залежыць ад часу: у гадзіны пік гэта 3,20 фунта (4,06$), у менш загружаныя перыяды – 2,80 (3,55$). І гэта толькі ў першай-другой зонах, у больш аддаленых яшчэ даражэй.

Білет на аўтобус каштуе 1,75 фунта (2,22$). І, каб эканоміць, метро я карыстаюся рэдка – толькі ў тых выпадках, калі на аўтобусах нават з перасадкамі не даедзеш. Тым больш на аўтобусах ёсць такі лайфхак: білет дзейнічае цягам гадзіны, таму за гэты час можна змяніць некалькі маршрутаў.

Такім чынам, я трачу больш часу на праезд (1–1,5 гадзіны замест 30–40 хвілін), але эканомлю амаль у 2-3 разы.

Студэнцкі праязны на тыдзень каштуе 27 фунтаў (34$). Але ёсць сэнс яго купляць, толькі калі ездзіш кожны дзень. Мне не трэба штодня бываць у горадзе, таму і праязны я не набываю. А яшчэ, каб зэканоміць на транспарце, я стараюся планаваць усе свае справы на адзін дзень. Напрыклад, калі мне трэба ў бібліятэку, у нейкую краму ці на сустрэчу з сябрамі, я стараюся падагнаць усе планы разам, а не расцягваць іх на некалькі дзён.

Час ад часу мне яшчэ трэба ездзіць ва ўніверсітэт у іншы горад – дарога абыходзіцца каля 15 фунтаў туды-назад. Але гэта рэдка – можа, раз на месяц.

Увогуле ў залежнасці ад колькасці паездак на грамадскі транспарт у мяне сыходзіць ад 50 да 100 фунтаў (ад 63 да 127$) у месяц.

Высоткі Лондана.Бізнэс-квартал у цэнтры Лондана.

Прадукты: на закупы сыходзіць да 200 фунтаў на месяц

– Апошнім часам прадукты тут таксама моцна падаражэлі. Я не ем мяса, толькі рыбу вельмі рэдка. У асноўным купляю гародніну, садавіну, расліннае мяса, час ад часу сыр і хлебныя прадукты, часта салодкае, гарбаткі, макароны, крупы. На ўсё гэта ў мяне сыходзіць да 200 фунтаў (253$) на месяц.

Не дома я амаль не ем. У мяне на раёне, напрыклад, у якой-небудзь простай кавярні заказаць суп каштуе 7 фунтаў (8,9$). Кава і дэсерт – па 3–3,5 фунта (4,4$). То бок калі проста выйсці на каву з кавалкам пірага – гэта ўжо 6–7 фунтаў (7,60–8,9$). А калі схадзіць у які-небудзь прыстойны рэстаран – гэта, лічы, ад 13 фунтаў (ад 16$).

Іншыя траты: сустрэчы з сябрамі – да 100 фунтаў на месяц, медстрахоўка – каля 2000 на тры гады

– Не магу адмовіць сабе ў мастацтве, таму перыядычна хаджу ў кіно, на канцэрт альбо на спектакль. На гэта магу выдаткоўваць ад 20 да 70 фунтаў (ад 25 да 89$) на месяц.

Увогуле пражыць на 1200 фунтаў (1520$) на месяц вельмі складана, калі ў цябе ёсць нейкія інтарэсы і кола сяброў. У Лондане заўсёды адбываецца шмат цікавага: паказваюць класныя спектаклі, прыязджаюць крутыя гурты, абдываюцца цікавыя выставы, праходзяць фестывалі. А таксама шмат кніг, якія хочацца набываць, – і на іх я трачу ад 10 да 20 фунтаў (ад 13 да 25$) штомесяц.

Калі сустракаемся з сябрамі, трэба хаця б сідр узяць – гэта 7 фунтаў (8,8$). А калі некалькі сустрэч у тыдзень, то гэта ад 20 да 30 фунтаў (ад 25 да 38$). За месяц можна і да 100 фунтаў (да 127$) на сустрэчы патраціць, бо сустракацца дома тут не прынята.

Графіці і лесвіцы ў Лондане.Рака ў Лондане - Тэмза.

Калі казаць пра адзенне, то самае асноўнае я прывезла з сабой з Беларусі. І дагэтуль гэтыя рэчы скаладаюць каля 60% майго гардэроба. У Лондане я спачатку набывала адзенне ў дабрачынных крамах: іх тут шмат, і можна знайсці вельмі файныя рэчы (танней, чым у звычайных крамах, зразумела). Але з цягам часу высветлілася, што ў гэтых крамах не заўсёды ёсць тое, што мне патрэбна. Таму я перастала рабіць шмат дробных купляў і вырашыла, што лепш набыць адну якасную рэч, якая праслужыць доўга. Так, напрыклад, у меня зʼявіліся джынсы за 30 фунтаў (38$), якія я нашу з задавальненнем.

Час ад часу купляю вінтаж – мне падабаецца. Але ў Лондане ён вельмі дарагі. У мяне ёсць некалькі рэчаў за 15–30 фунтаў (19–38$).

Асобным артыкулам выдаткаў была віза, якую мне трэба было абнаўляць. За яе я плаціла каля 450 фунтаў (прыкладна 570$). І яшчэ каля 2000 фунтаў (2535$) за медыцынскую страхоўку. Сабраць суму мне часткова дапамаглі некалькі фондаў, астатняе ўзяла з уласных ашчаджэнняў.

Зараз я збіраюся падавацца на іншы тып візы, бо па студэнцкай я і працаваць на поўную стаўку не магу, і не магу быць самазанятай. А гэта значыць, што як пісьменніца я не магу заключаць дамовы на кнігі і атрымліваць за іх грошы, не магу легальна быць на фрылансе.

За змяненне візы мне трэба будзе заплаціць каля 700 фунтаў (887$) плюс некалькі тысяч за медстрахоўку.

А яшчэ час ад часу я падпрацоўваю з небрытанскімі працадаўцамі – раблю літаратурныя пераклады. Гэта невялікія грошы, але з іх я звычайна раблю ахвяраванні ў фонды ці на нейкія зборы. Бо для мяне вельмі важна працягваць падтрымліваць нашых палітвязняў або іншых рэпрэсаваных людзей з Беларусі.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: з уласнага архіва гераіні

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter